Кожнаму з нас ужо з дзяцінства вядома гэта імя – Арына Радзівонаўна. Любімая нянька Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, яго «добрая муза», «старушка добрая моя».
Але мала хто ведае, што нянька Пушкіна сама мела чатырох дзяцей ад мужа Хведара Мацвеева, карэла па нацыянальнасці (памёр у 1798 годзе): Ягора (нарадзіўся ў 1782 годзе), Надзею (1788), Марыю (1789), Стэфана (1798). Калі яна карміла сваіх дзяцей, ёй у абавязак было пастаўлена ўласнымі грудзьмі выкарміць панскіх дзяцей: Вольгу і Аляксандра. Апроч гэтых дваіх яна карміла яшчэ некаторых з пяцярых дзяцей Пушкіных (яны ў маленстве памерлі). Самага малодшага, Льва, яна толькі даглядала. Паміралі дзеці і ў яе; тады карміла толькі панічоў. Больш таго – Арына Радзівонаўна выкарміла яшчэ некалькі дзяцей гаспадаровых сваякоў. Пры кармленні была чарга: спачатку ішлі панскія дзеці, а ўжо потым свае.
Летам 1828-га сямідзесяцігадовая Арына Радзівонаўна пераехала з Міхайлаўскага ў Пецярбург да Вольгі Сяргееўны Паўлішчавай (Пушкінай) і ў тым жа годзе памерла. Дзе яе пахавалі, ніхто не ведае і па сённяшні дзень.
Сам Пушкін жыў пасля смерці сваёй нянькі яшчэ дзесяць гадоў, але, відаць, і ён не наведаў сумны ўзгорак. Іначай сябра Пушкіна паэт М.М. Языкаў у 1830 годзе ў вершы «На смерть няни Пушкина» не пісаў бы: “Я отыщу тот крест смиренный….». Нельга не заўважыць, што тут жа Языкаў гаворыць і пра ўплыў Арыны Радзівонаўны не толькі на Пушкіна, але і на паэтаў яго асяроддзя.
Неабходна адзначыць, што ад Арыны Радзівонаўны захаваліся ў запісе паэта сем казак і дзесяць песняў. Казкі пра цара Салтана і пра папа і пра яго работніка Балду таксама сышлі з вуснаў нянькі Пушкіна. Сюжэты некаторых казак Арыны Радзівонаўны паэт падараваў сваім сябрам, напрыклад, пра цара Берандзея – Васілю Жукоўскаму. Па сведчаннях той жа сястры Пушкіна Вольгі Сяргееўны, нянька па-майстэрску расказвала казкі, ведала некаторыя павер'і і сыпала прыказкамі і прымаўкамі.
А цяпер давайце паглядзім на тыя абставіны, што могуць у нейкай ступені сведчыць аб беларускім паходжанні нянькі Пушкіна. У некаторых гістарычных і літаратурных крыніцах паведамляецца, што сваім нараджэннем Арына Радзівонаўна Якаўлева, у замужжы – Мацвеева (1758-1828) звязана з Кобрынам. Адразу прыходзіць думка: ці не з тым, што пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай быў уключаны ў склад Расеі і які ўказам Кацярыны II ад 15 жніўня 1795 года быў падараваны ў вечнае і спадчыннае валоданне генерал-фельдмаршалу графу Аляксандру Сувораву-Рымнікскаму за здушэнне нацыянальна-вызваленчага паўстання Тадэуша Касцюшкі і ўдзел у акупацыі суседняй дзяржавы. Ці не з тым Кобрынам, што знаходзіцца пад Брэстам? А мо з тым сялом Кобрынам, што пад Пецярбургам, паблізу Гатчыны? А аказваецца, што і з тым, і з другім, а дакладней – з другім, які сваю генеалогію вядзе ад першага.
Пётр I пры раздачы тэрытарыяльнай здабычы членам царскага дома, сваім палкаводцам і дзяржаўным дзеячам абавязваў новых уладароў перасяліць у іх памесці сялян з вялікарасейскіх губерняў, і, вядома, з Рэчы Паспалітай. Прыгнаных прыгонных пасялялі, як правіла, не на голым месцы, а ў захопленых мызах, якія часта атрымлівалі новыя назвы.
Адносна назваў сяла Кобрына і рачулкі Кобрынка, што над Гатчынай, можна сказаць: цалкам верагодна, што яны, назвы гэтыя, прыйшлі сюды разам з прыгнаннымі з Кобрына-брэсцкага ці Кобрыншчыны людзьмі.
Літаратурныя крыніцы сведчаць, што перайменаванне адбылося ў першай палове XVIII стагоддзя. Гэта якраз той час, калі прыгналі сюды нявольнікаў з Рэчы Паспалітай. Застаецца толькі дзівіцца, як “клапатліва” падабралі месца рассялення: да новай назвы прывыкаць амаль не трэба, яна зусім твая.
Звернемся цяпер да іншых фактаў, якія маглі б дадаткова сведчыць аб адносінах Арыны Радзівонаўны да такой шматпакутнай, як і яна сама, Беларусі. Цікавым бачыцца факт, што паўстанне прыгонных Ганібала (1766) вылілася ва ўцёкі “ў Польшчу”. Ці не дадому?!. А той факт, што адзін з сыноў Арыны Радзівонаўны быў уладальнікам вельмі не характэрнага для Расеі і пашыранага на Беларусі мужчынскага імя – Стэфан. Дадамо, што само імя Арына, як і імя Радзівон, адносіцца да старажытных беларускіх імёнаў.
Даследчыкі жыцця і творчасці Пушкіна часта ўказваюць на мілагучнасць і напеўнасць мовы Арыны Радзівонаўны. Гэтыя якасці мовы жывуць і сёння на Беларусі. А пра беларускія элементы ў мове нянькі Пушкіна гаворыць фанетычнае афармленне, што дайшло да нас у двух невялікіх лістах, якія былі адпраўлены ёю на адрас паэта 30 студзеня і 6 сакавіка 1827 года. Адказу на іх, праўда, не маем. Можа, яго і не было.
Разважаючы пра лёс Арыны Радзівонаўны, хочацца выказаць горкае шкадаванне, што мы, праяўляючы вялікую цікаўнасць да донжуанаўскага спісу Пушкіна, праходзім міма трагічнага лёсу чалавека, які так па-анёльску паўплываў на паэта.


Печать